Сачыненне па твору «Momento mori»
«Мементо моры» — «Памятай аб смерці», вось гэты крылаты лацінскае выраз можна лічыць дэвізам еўрапейскай культуры аж да Новага Часу… Янка Брыль таксама у сваім апавяданні закранае гэту тэму. Смерць — гэта спыненне існавання арганізма, цела. Я веру ў душу, яна дакладна ёсць. І яна не памірае. Я не вельмі пабожны чалавек, але веру, што замагільны свет існуе. Так што жыцце пасля смерці працягваецца, але мае іншы выгляд, невядомы нам, жывым. Падрыхтавацца да смерці немагчыма. Яна заўсёды побач. Жыццё кожны дзень канчаецца для каго-тое, а для каго-то пачынаецца. І невядома, калі прыйдзецца пайсці .Камень паваліўся ўніз. Нага застыла ў паветры. Чалавек пахіснуўся. Але ўтрымаў раўнавагу. Ухапіўся за нітачку жыцця. І як быццам яна зноў набыла сэнс. Сэнс жыцця яшчэ не страчаны. Ён яшчэ малады. Наперадзе столькі часу, мараў, жаданняў, кіданняў. Шуканняў. Ды што там казаць. Хіба пошук сэнсу жыцьця — гэта праблема? Філасофія, ды і толькі. Эээх! А камень — можна хутка наступіць на іншы. Форма дазваляе. Раз — і вось ужо іншая нага на вазе. І так усе жыццё. З дня ў дзень. Чалавек шукае сэнс жыцця. Чалавек прачынаецца і, здзяйсняючы аднолькава звыклыя рэчы, атрымлівае аднолькавы вынік: порцыю адабрэння, порцыю ўзнагароджання і порцыю задавальнення. І ў чарговы раз балансуе на грані. І толькі зрэдку нейкі ўнутраны голас дае аб сабе ведаць: мітусня, карцінкі змяняюць адзін аднаго, што-то адбываецца, а які ж усе-такі сэнс жыцця і смерці чалавека?Жыццё сапраўды поўная скарбаў. Для тых, хто ўмее бачыць іх. І навучыцца гэтаму можна раней, чым з’явіцца жаданне спыніць пошукі таго, што магло б стаць кропкай апоры. Задавальненне не даступна толькі тым, хто любіць балансаваць на грані. З кропкай апоры прыходзіць якасна іншае асалоду. І не кожны чалавек зможа зрабіць дзеля другога чалавека учынак. Аднак у апавяданні мы бачым, што такі чалавек існуе. Гэта пячнік. Зондэрфюрэр дорыць яму жыццё, аднак пячнік памятае пра сваіх родных і просіць жыццё для іх. Аднак ён гарыць, а мог застацца жывым. У вобразе печніка пісьменнік паказвае сапраўднага байца за родных людей і радзіму, які не шкадуючы сябе пойдзе за другіх.
Источник
Памятай пра смерць. Даніла Скварнюк і трагедыя Пузавічаў
Роўна 75 гадоў таму фашыстамі была спалена вялікая вёска Пузавічы. Адна з тысяч беларускіх вёсак, якія былі знішчаныя разам з жыхарамі тым гарачым летам. Але менавіта ў Пузавічах здарылася гісторыя, апісаная нашым гродзенскім земляком Янкам Брылём у кароткім апавяданні «Memento Mori».
Апавяданне ўключана ў школьную праграму па беларускай літаратуры, але нагадаем яго змест. Фашысцкая карная каманда прыехала паліць чарговую вёску. Людзей заганялі ў адрыны, каб спаліць там жыўцом, аднак нямецкі афіцэр пазнаў сярод вяскоўцаў пячніка, які перакладаў на кватэры гэтага немца ў Скідзелі печку. Афіцэр падазваў пячніка і сказаў яму: «Я цябе ведаю, ты не камуніст і таму можаш забіраць сваю сям’ю і сыходзіць. Будзеш жывы». Пячнік паглядзеў на афіцэра, падумаў і адказаў: «Тут жывуць мае бацькі». Афіцэр паабяцаў вызваліць і іх. Далей пячнік прасіў вызваліць чарговых і чарговых сваякоў аж пакуль раз’юшаны немец не закрычаў: «У цябе што, уся вёска сваякоў»?! «Так, у мяне ўся вёска сваякоў,» — адказаў яму пячнік і пайшоў да адрыны з аднавяскоўцамі, якія мусілі загінуць праз некалькі хвілін.
Да адрыны пячнік не дайшоў, бо быў застрэлены нямецкім афіцэрам. Карнік зразумеў, што сціплы беларускі вясковец, якому ён толькі што «падараваў» жыццё, аказаўся на галаву вышэй за яго, немца, «звышчалавека» ў форме, аздобленай чалавечымі чарапамі.
Безіменны пячнік з, безумоўна, мастацкага апавядання «Memento Mori» Янкі Брыля меў рэальнага прататыпа. Звалі яго Даніла Скварнюк. Ён насамрэч быў пячніком і на момант спалення Пузавічаў меў 40 гадоў. Раскажам больш, што вядома пра гэтага чалавека. Даніла Скварнюк, прататып героя апавядання Memento Mori Скварнюк — мясцовае прозвішча з вёсак у ваколіцах Гродзенскай пушчы. Бацькі Данілы жылі ў Пузавічах, вялікай праваслаўнай вёсцы крыху на поўдзень ад Скідзеля. Рукасты хлопец Даніла хутка засвоіў прафесію пячніка і досыць няблага зарабляў, робячы печы і пліты, але яго цягнула да ведаў. У пачатку 1920-х гг. Скварнюк захапіўся філасофіяй пісьменніка Льва Талстога аб непраціўленні злу сілай, не курыў, не ўжываў алкаголь, не еў мяса. З-за апошняга мясцовыя жыхары называлі яго «малаканам» — ад расійскай паўрэлігійнай секты малаканаў, якія таксама не ўжывалі мяса. Скідзель у 1939 г. У сярэдзіне 1920-х гг. Скварнюк шчыра далучыўся да беларускага руху, быў сябрам Таварыства Беларускай Школы, арганізоўваў вечарыны, працаваў над арганізацыяй беларускага школьніцтва. Яго найлепшым сябрам быў скідзельскі беларускі актывіст, паэт і філосаф Пётр Сяўрук, які памёр ад сухотаў у 1929 г. Даніла ажаніўся з сястрой Сяўрука Вольгай. За беларускі патрыятызм Скварнюк колькі разоў арыштоўваўся польскімі ўладамі. Беларускія актывісты Скідзеля. Злева Вольга Сяўрук-Скварнюк і Даніла Скварнюк У 1936 г. Скварнюку прыслаў некалькі сваіх вершаў «на пробу» нікому тады невядомы хлопец з ваколіц Карэлічаў Янка Брыль. Праз многа гадоў народны пісьменнік Беларусі Іван Антонавіч Брыль згадваў, што, мабыць, задаў сваімі каструбаватымі вершамі няпростую задачу для Данілы Скварнюка. Аднак Скварнюк Брылю напісаў і летам наступнага года Брыль на веласіпедзе (добрых дзве сотні кіламетраў) прыехаў у Скідзель, пазнаёміўся са Скварнюком і іншымі мясцовымі патрыётамі. Брыль і Скварнюк перапісваліся аж пакуль вясной 1939 года Янку Брыля не забралі ў польскае войска.
Чаму былі спаленыя менавіта Пузавічы? Жыхары Пузавічаў мелі ва ўправе Скідзеля асабістага ворага па прозвішчы Ашурак. Перад вайной ягоны брат служыў лясніком і быў забіты кімсьці з жыхароў Пузавічаў, затрыманым за незаконнае вырубанне дрэва. Таму калі ў ліпені 1943 г. нехта (ці тое савецкія партызаны ці тое акаўцы) разабралі паміж вёскамі Хвайняны і Пузавічы кавалак чыгункі, то немцы ў якасці помсты найперш запланавалі спаліць Хвайняны. Як гаварылі пасля — менавіта Ашурак намовіў немцаў спыніцца на Пузавічах. Вольга Сяўрук. Пасля смерці брата Пятра ўзначаліла скідзельскі гурток ТБШ. Пузавічцы ведалі, што немцы збіраюцца пакараць навакольных жыхароў за тое, што «недагледзелі» чыгунку. Аднак ніхто не верыў, што можа быць спаленая вёска з сотнямі людзй. Да лета 1943 г. у ваколіцах Гродна такіх жорсткіх карных аперацый не было. Зімой 1943 г. паліцыя з Парэчча спаліла вёску Бабіна ў Гродзенскай пушчы, аднак там за сувязь з патрызанамі растралялі «ўсяго» дзесяць чалавек. Таму жонка Данілы Скварнюка Вольга хадзіла па навакольных хутарах і намаўляла іх жыхароў на часовы пераезд ці ў Скідзель ці куды да сваякоў, аднак бяда прыйшла ў самыя Пузавічы.
Ранкам 14 ліпеня 1943 г. вёска была акружана немцамі. Мы дасюль не ведаем, хто аддаваў загады на спаленне вёсак у ваколіцах Гродна і якая нямецкая частка тое рабіла. Ёсць інфармацыя, што «пацыфікацыямі» каля Гродна займалася група Мюллера (па імю яе камандзіра, СС-аўскага афіцэра), якая была сфарміравана ў Кёнігсбергу (заходняя Гродзеншчына ўваходзіла ў Акуругу Беласток, фармальна далучаную да Усходняй Прусіі). У Скідзелі нават паліцэйскія чыны не ведалі аб канкрэтнай выбранай вёсцы, бо маглі папярэдзіць сваякоў і тым самым сарваць аперацыю. Ім толькі загадвалі з ночы сабраць мясцовых гаспадароў з вазамі. Ноччу на чыгуначную станцыю прыбываў эшалон з карнікамі, якія часткова на ўласных самаходах, а часткова на вазах ехалі ў бок асуджанай вёскі. Мабыць у ноч на 14 ліпеня і было прынятае канчатковае рашэнне, што згараць не Хвайняны, а Пузавічы.
Усіх жыхароў вёскі, каля чатырохсот чалавек, палову з якіх складалі дзеці, сагналі ў дзве адрыны, найперш аддзяліўшы мужчын ад дзяцей і жанчын. Людзі адчувалі, што іх вядуць на смерць, таму апраналі чыстую бялізну і яшчэ перад падзелам на мужчын і жанчын спявалі рэлігійныя песні, збіраліся групкамі па 10−20 чалавек і развітваліся.
Адкуль вядома пра ўчынак Данілы Скварнюка? Як ён стаў асновай для апавядання Memento Mori? Бо з жыхароў Пузавіч уратаваліся толькі некалькі чалавек, якія не дайшлі да тых адрынаў. Але немцы не саромеліся сваіх учынкаў і растрэльвалі Пузавічы на вачах у жыхароў Скідзеля, якіх з вазамі прыгналі вывозіць нарабаванае з вёскі дабро і падрыхтаваць яму для трупаў. Сярод скідзельцаў быў і Якаў Сяўрук — бацька жонкі Данілы Скварнюка Вольгі. З адлегласці літаральна ў некалькі метраў ён павінен быў назіраць смерць сваёй дачкі і зяця. Бацька Вольгі Сяўрук Якуб і яго жонка Юлія Вольга Скварнюк спадзявался, што Даніла выжыве, бо на самым світанку, яшчэ калі немцаў не было, ён выправіўся ў іншую вёску класці печку. Мы ніколі не даведаемся, чаму ён аказаўся сярод пузавічцаў — ці тое яго перахапілі немцы, ці ён сам вярнуўся ў вёску, адчуўшы нядобрае.
Пабачыўшы свайго мужа ў натоўпе аднавяскоўцаў Вольга закрычала, кінулася да яго і ўпала, паваленая цяжкім сардэчным прыступам. А ўжо праз некалькі хвілін нямецкі афіцэр з мясцовага гарнізона пазнаў у схіленым над сваёй жонкай мужыку пячніка і паміж імі адбылася размова, якая дзякуючы таленту Янкі Брыля назаўжды застанецца ў беларускай гісторыі ў апавяданні Memento Mori як сімвал высакароднасці і мужнасці нашага народа.
У ліпені 1943 г. карнікі спалілі ў ваколіцах Гродна разам з жыхарамі вёскі Шкленск, Пузавічы, Сіні Камень, Палом’е, Шаулічы і адну з найбольшых вёсак Гродзеншчыны — Княжаводцы пад Мастамі, забіўшы ў іх каля дзвюх тысяч чалавек. Большасць з гэтых вёсак ніколі не адрадзілася. Сёння тое пясчаныя выдмы па-над Нёманам або паляны глыбока ў пушчы. Сваякі хутка пасля вайны паставілі на месцы адрынаў, дзе гарэлі людзі, бетонныя помнікі з крыжамі, ужо ў канцы 1950-х гг. былі пастаўленыя помнікі ад уладаў. Цікава, што на некаторых з іх ужо ў наш час жалезныя зоркі былі замененыя крыжамі. Помнік у Пузавічах Янка Брыль згадваў, што ўсе баяліся, што Якаў Сяўрук, у якога на вачах загінулі чатыры сотні пузавічцаў, страціць розум. Ён плакаў, крычаў па начах, клікаў сваю дачку… Пасля супакоіўся і пражыў яшчэ шмат гадоў, аднойчы расказаўшы Брылю гісторыю пра тое, як ягоны зяць Даніла Скварнюк паглядзеў у вочы нямецкаму афіцэру і сказаў: «Так, у мяне ўся вёска сваякі»!
Источник
Янка Брыль — Memento mori
Задуму апавядання «Memento mori» Янка Брыль выношваў доўгі час. Неўзабаве пасля вайны ён даведаўся ад паэта Міхася Васілька пра трагічную смерць іх агульнага сябра заходнебеларускага актывіста Грамады Данілы Скварнюка. Гэтую гісторыю і выкарыстаў пісьменнік для свайго твора, зрабіўшы героя безымянным печніком, каб падкрэсліць тыповасць і агульначалавечую сутнасць яго ахвярнай смерці. I назва «Memento mori» (памятай пра смерць) узята аўтарам з антычнай культуры. Гэтае выслоўе нагадвала старажытным рымлянам і грэкам пра неабходнасць пагарджаць жыццём, памятаючы, што не ва ўсіх абставінах яно жаданае. Так, напрыклад, філосаф Сакрат у прызначаны час выпіў атруту і памёр, выконваючы несправядлівы прысуд афінскага суда. Ён адмовіўся ратаваць жыццё ўцёкамі, бо разумеў, што гэты ўчынак прымусіў бы афінян засумнявацца, ці верыў ён у тое, чаму вучыў іншых.
У кантэксце апавядання Янкі Брыля старажытны афарызм нагадвае, што памяць пра смерць злучае героя з лёсамі продкаў, з іх маральнымі запаветамі жыць па-людску, не забываючы пра фактар часу, які не дае права на памылкі, бо жыццё кароткае, каб іх выправіць.
Твор Брыля ўражвае лаканічнасцю і высокай ступенню абагульненасці. У разгар карнай аперацыі печніка вылучылі з натоўпу і падагналі да зондэрфюрэра, той вырашыў падараваць яму і яго сям’і жыццё ў знак удзячнасці за цёплую грубку, зробленую старым майстрам. «Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма, і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць». Гэты партрэт героя падрыхтоўвае праяўленне высокай духоўнай прыгажосці ў звычайнай будзённасці дэталяў — яго адмову прыняць жыццё ў падарунак ад ката. Пячнік усведамляе спалучанасць свайго лёсу з жыццём аднавяскоўцаў, усяго народа, ён жахаецца нялюдскасці таго, што задумалі ўчыніць карнікі. Ён камянее душой, назіраючы, як парушаецца святасць жыцця чалавека, парушаецца бяздушна і дзелавіта, нават бесклапотна.
Дыялог зондэрфюрэра з печніком — кульмінацыйны момант у кампазіцыі твора, тут адбываецца супрацьстаянне двух характараў, дзвюх сістэм духоўных каштоўнасцей. Беларускі селянін, які кіруецца ў жыцці традыцыйнай народнай мараллю, у гэтым паядынку перамагае палітычную дактрыну фашыстоўскай сістэмы. Агульначалавечая філасофія быцця непарушная і таму несмяротная, фашызм несумяшчальны з народнай філасофіяй і таму асуджаны на смерць.
Источник
Брыль Янка, Memento mori
Позняй восенню сорак трэцяга года на адным з самых спакойных перагонаў Беларускай чыгункі ўзарваўся нямецкі вайсковы эшалон.
Праз дзень, халодным, золкім досвіткам, бліжэйшую да месца катастрофы вёску акружылі карнікі. Жандары ў касках і стракатых плашч-палатках і мясцовыя здраднікі-паліцаі ў чорных, прамоклых шынялях прыехалі з райцэнтра на пяці машынах. Вёска была вялікая, але «накрыць» яе ўдалося хутка і спраўна. Як высветлілася значна пазней, уцалела толькі двое: хлапчук, які выпаўз баразной у загуменныя кусты, і дзед, што якраз заначаваў у сваяка на дальнім хутары.
Усе іншыя жыхары сагнаны былі ў той канец вёскі, дзе стаяла старая вялізная адрына, — усё, што ўцалела ад калгаснай фермы.
Зондэрфюрэр, начальнік экспедыцыі, разважыў, што прымусіць «бандытаў» капаць сабе яму — доўгая гісторыя. Значна прасцей спаліць іх у гэтай адрыне. Пакуль яго падначаленыя заганялі вёску ў трое шырокіх варот драўлянай будыніны, ён стаяў трохі збоку, на ўзгорачку, і непрыемна моршчыўся ад дзікага крыку і плачу.
Побач з ім амаль непрыкметна ўздрыгвала ад пранізлівай слаты маладая збялелая перакладчыца.
— Мы хутка скончым гэтае швайнэрай*, і тады, фройляйн Вэра, паедзем дахаты. Будзе зноў цёпла. О так.
Істота ў скураным паліто і белай вязанай хустцы выклікала на твар крывое падабенства службова-інтымнай усмешкі.
Так бы ўсё і было, як бывала, аднак, зірнуўшы ў натоўп сваіх ахвяр, што набліжаліся да крайняй ад яго чорнай пячоры варот, зондэрфюрэр заўважыў знаёмага.
— Адкуль я ведаю яго. О! Мэншэнскінд*, дык гэта ж той пячнік! Скажыце, фройляйн Вэра, каб яго падагналі сюды.
* Даслоўна — «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча».
— Біст ду дох аўх гір, майн лібэр кэрль?* — засмяяўся начальнік.
* І ты таксама тут, мой дарагі?
Пячнік нічога не зразумеў. Ды, відаць, і не чуў. Бледны, без шапкі на лысіне, аброслы сівеючай шчэццю, ён упёрся ў немца скамянелымі вачыма і маўчаў. Толькі бяскроўныя губы перасмыкаліся, як ад нязбытнага жадання гаварыць.
Улетку ён рабіў зондэрфюрэру печы. Знайшлі яго і прывялі, вядомага на ўсю ваколіцу. Пяць раніц дзяжурны жандар абшукваў яго і кожны раз аднолькава весела знаходзіў у кішэнях майстра тое самае крэсіва, самасад і кавалак чорнага хлеба. А печы атрымаліся выдатныя. Кухар хваліць пліту, а сам зондэрфюрэр — грубку з белай кафлі. Вось і цяпер ён ледзь не заахкаў на ўспамін аб яе гладкай цеплыні.
— Скажыце яму, фройляйн Вэра, што ён не будзе спалены. Спытайцеся, ён хоча жыць?
— Спадар зондэрфюрэр кажа, што вы, дзядзька, будзеце жыць. І ён пытаецца, ці вы гэтага хочаце?
Пячнік толькі паварушыў бяскроўнымі губамі.
— І скажыце яму. Спытайцеся, хто ў яго там ёсць.
— Спадар зондэрфюрэр пытаецца, хто ў вас там ёсць? Там — у адрыне?
З вуснаў у чалавека сарваліся словы:
— Ён кажа, што там яго жонка.
— Скажыце яму, што жонка яго таксама не згарыць. Ён можа ўзяць яе.
— Спадар зондэрфюрэр кажа, што фраў. што жонку сваю вы можаце забраць.
Бяскроўныя губы ў сівеючай шчэці заварушыліся зноў:
— У мяне там і дачка. з малымі дзет. камі.
— Ён кажа, што там у яго ёсць дачка са сваімі дзецьмі.
— О! Мэншэнскінд! Можа, у яго яшчэ хто-небудзь ёсць?
— Спадар зондэрфюрэр пачынае выказваць нездавальненне. Ён пытаецца, хто ў вас там ёсць яшчэ?
— Скажы яму, што ў мяне там суседзі. А ты скажы, што яны сваякі.
— Ён кажа, што ў яго там многа сваякоў. А таксама суседзі.
— Суседзі?! Эс іст абэр этвас цу ляхен. * Можа, ён хоча, каб я аддаў яму ўсю гэтую банду? Спытайцеся ў яго апошні раз: чаго ён хоча, вар’ят?
* Гэта ўжо проста смешна.
— Спадар зондэрфюрэр пачынае злаваць. Вы, дзядзька, не дурыцеся, калі хочаце жыць. Зараз адрыну падпаляць. Ён кажа, што вы, мусіць, хацелі б забраць адтуль усю банду.
Пад чорнай навіссю броваў ажылі нарэшце вочы. Губы зусім перасталі дрыжаць. Нібыта не сваю, незвычайным жэстам, пячнік узняў галаву:
— А ён што думаў? І ўсіх! Усіх добрых людзей. Можа, ён ім раўня — гэты твой гаспадар? Або ты, можа. Цьфу.
Чалавек плюнуў пад ногі, тады павярнуўся і ўжо не тым няпэўным крокам, як сюды, пайшоў да варот адрыны.
Быў нейкі момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў з правай рукі мокрую скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся.
У жудасным ляманце стрэл амаль не пачуўся.
Але пячнік упаў.
Ён яшчэ ўздрыгваў, калі яго паднялі і кінулі цераз парог, пад ногі збою аднавяскоўцаў.
Тады вароты назаўсёды зачыніліся.
І ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць.
Источник